Элемент:
2-е месца: Сачыненне Аляксандры Пігуль «Калі б я была лесніком…»
01.04.2016
Проводится в рамках проекта Чистый берег. Чистый лес

Працягваем знаёміць з працамі пераможцаў конкурса сачыненняў «Калі б я быў лесніком…», які праводзіўся Міжнародным фондам падтрымкі дзікай прыроды «Чырвоны бор». Другое месца заняла Аляксандра Пігуль. Дзяўчына навучаецца ў 9-м класе ДУА «Парэцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа».

Дрэва – самы вялікі

Маўчальнік,

Дрэва – самы вялікі

Цярплівец,

Дрэва – самы вялікі

Ўцяшальнік,

Дрэва – самы вялікі

Кармлівец.

Колькі памятае сябе мая краіна, мая любая Беларусь, шумяць над ёю лясы і пушчы, гамоняць з аблокамі векавыя дубы і сосны, радуюць сваёй прыгажосцю елкі і бярозы, чаруюць ліпы і клёны.

Летам і зімою, восенню і вясной вабіць да сябе, запрашае прайсці па яго сцяжынках наш лес, таямнічы і адкрыты, векавечны і малады, задумлівы і жыццярадасны, як чалавек, ён заўсёды выглядае чароўным і прыгожым.

Колькі памятаю сябе, мяне заўсёды цягнула ў лес. І самае галоўнае, як бы часта ні бывала я ў сасновым бары ці цяністай дубраве, у бярозавым гаі ці вечназялёным ельніку, сэрца заўсёды ахінала шчымлівая радасць.

Якое ж цуда ты, наш беларускі лес!

Калі вы бачылі вясной першыя лясныя кветкі, удыхалі іх непаўторны водар, калі ў вас на душы ад гэтага яднання з прыродай станавілася хораша і спакойна, але і ў той жа час трошкі трывожна, трывожна таму, што ўся гэта прыгажосць можа раптам закончыцца, не даўшы магчымасці паказаць сябе ўсім добрым людзям. А вам пашанцавала! Мабыць, вы той чалавек, які добра разумеецца з прыродай.

А калі вы бачылі, як пышна, як незвычайна радасна і весела пачынаюць расцвітаць чаромха і каліна, як урачыста, з поўным разуменнем сваёй непаўторнасці выпускае сваю ўзорыстую лістоту бяроза, як на паляне, быццам засланай зялёным дываном, бялеюць грацыёзныя крапінкі ландышаў, скажыце «дзякуй» лесу. Ён падараваў вам магчымасць нацешыцца прыгажосцю.

Ідзеш летам па лясной дарозе, пераступаеш карані дрэў і адкрываеш для сябе ўсё новае і новае. Па баках дарогі пятляюць каляіны, перапоўненыя вадой. Ноччу прайшоў дождж, цёплы і жыватворны, і грыбны пах напоўніў лес да апошняга куточка.

Фота з адкрытых крыніц

Стомішся трошкі, спынішся на ціхай паляне, добра прагрэтай ліпеньскім сонцам, ляжаш на калкаватую ігліцу і цешышся ад густога водару жывіцы, што разагрэлася пад шчодрым паўдзённым сонцам. І адчуеш, як нешта нерэальнае  і неакрэсленае, але мілае і прыемнае кладзецца на душу і сэрца.

Я думаю, што мне вельмі пашанцавала, таму што я нарадзілася  ў сям’і лесніка. Мой тата, Пігуль Сяргей  Пятровіч,  вось ужо дваццаць  год працуе на гэтай адказнай пасадзе ў Парэцкім лясніцтве. І на працягу гэтага часу ён  кожны дзень бывае  з дрэвамі, з роднай, і так блізкай яму( а таксама мне) прыродай. Вельмі радуюся і хвалююся, калі іншы раз тата бярэ мяне з сабою ў лес, расказвае так много цікавага, карыснага, вучыць разумець усё, што адбываецца ў гэтым цудоўным свеце прыроды. Я вельмі  паважаю, цаню яго працу. Зайздрошчу ўсім сумленным леснікам, якія маюць магчымасць на справе паказаць свае клапатлівыя і нераўнадушныя адносіны да леса. Так, менавіта леснікам, а не лесарубам з іх бензапіламі і магутнай тралёвачнай тэхнікай.

Розумам я лесарубаў прымаю, разумею, што патрэбна краіне нарыхтоўка драўніны, што экспарт лесапрадукцыі складае галоўную частку даходаў лясгасаў, што лес гэты атрымліваецца ў выніку санітарных рубак і рубак догляду, усё роўна  шкада чагосьці, асабліва калі пабачыш на станцыі Рабкор велізарныя штабелі падрыхтаванага да адпраўкі лесу. Розумам прымаю, душою, сэрцам – не.

Ляснік лес ахоўвае, беражэ яго. Вось таму мне і здаецца, што няма на свеце важнейшай прафесіі. Знішчым лес, загубім прыроду – загубім і знішчым сябе!

Каб я не толькі марыла стаць лесніком, але  і была ім цяпер, я б увяла для сябе непарушны збор законаў і правілаў ( і не толькі для сябе).

Мне здаецца, што самае галоўнае ў працы лесніка – гэта не шкодзіць у лесе. Праводзіць гутаркі і лекцыі ў малодшых класах, каб дзеці  і думкі не дапускалі бурыць птушыныя гнёзды ці рваць з карэннем ягадныя расліны. Прыцягнуць максімум старшакласнікаў у школьнае лясніцтва. А вось тыя ўжо ўсё добра зразумеюць на практыцы, непасрэдна ў лесе, на лузе, на балоце. Абавязкова дасканала разабраць Чырвоную кнігу Беларусі, каб нават выпадкова не парушылі яе статут. Прыцягваць да пасадкі лясных культур як мага больш людзей, каб ўсё было зроблена ў аптымальны тэрмін. Я буду старацца, каб у маім абходзе ніводная сасна не пацярпела з-за няякаснай падсочкі. Даволі вялікі бярозавы гай дасць нам тысячы літраў бярозавага соку: дрэвы ў самым росквіце сіл!

Я думаю, што самыя грыбныя і ягадныя мясціны ў маім абходзе. Хопіць і таго, і другога добрым людзям. Толькі ў лесе таксама трэба браць па-гаспадарску. З граблямі на лісічкі, а з «камбайнамі» па ягады да мяне лепш не ісці. Сама  я такім рвацтвам ніколі не займалася і другім не дам!

Была ў мяне на прыкмеце невялікая пустка. Падумала  і засадзіла яе маладымі ліпкамі. Падраслі ўжо, падцягнуліся дрэўцы. Даюць пышную квецень і смачнейшы водар на ўсю акругу. Надумваюся пчолапасеку паставіць.

Засталася ў мяне яшчэ пустачка, зусім маленькая. Прыгатавала я для яе некалькі дзясяткаў саджанцаў яблынь і ігруш. Будзе сярод лесу такі своесаблівы пладовы садзік. На ўзлеску, перад арэшнікам, збіраюся пасадзіць два-тры грэцкія арэхі. Хай пагавораць сваякі ў вольны час пра сваё запаветнае.

Кожны мурашнік у маім абходзе дагледжаны і абгароджаны! Кожная птушка таксама сваю кватэру мае. Браканьеры ў нас вывеліся, і слава Богу, без іх неяк лягчэй жыць, працы ў нас і без іх хопіць.

Вось такім лесніком я атрымалася. Магчыма, перахваліла  сябе, але ж хацелася як лепш. А можа наадварот? Нічога не прыдумала, усё гэта ва ўсіх добрых леснікоў ужо даўно ёсць. Ну і няхай! А ў мяне ад адной думкі, што я раўняюся з сапраўднымі майстрамі, стала хораша на душы.

І я радуюся ўжо нават таму, што мы ўсе разам жывём на гэтай цудоўнай зямлі, захапляемся сіняй гладдзю ракі, ружовым захадам сонца, беластволай бярозкай на зялёным фоне маладзенькіх ялінак.

Партнеры и волонтеры
Минск
Директор фонда
Витебск
Полоцк/Витебск
Минск
Менеджер проекта «Дом для орла»
Менеджер проекта «Живая вода»
Минск
Верхнедвинск
Чырвоны Кастрычнік
Домжерицы
Лиозно
Калинковичи
Минск